ПАЛАЦІ́НА ГАЛЕРЭ́Я, Палацінская галерэя, галерэя Піці,

мастацкая галерэя ў г. Фларэнцыя (Італія); адзін з найбуйнейшых у свеце збораў жывапісу. Размешчана ў Палацца Піці. Аснову збору складае калекцыя роду Медычы, заснаваная ў 1620 (у 1820 адкрыта для публікі, з 1911 дзярж.). У зборы пераважаюць творы італьян. школ 15—17 ст. і фламандскай школы 17 ст., у т.л. шэдэўры Тыцыяна («Партрэт двараніна з шэрымі вачыма», «Марыя Магдаліна», «Партрэт П’етра Арэціна» і інш.), Рафаэля («Жанчына ў пакрывале», «Мадонна ў крэсле», «Мадонна дэль Грандука», партрэты Тамаза Інгірамі, Аньёла і Мадалены Доні і інш.; адна з лепшых у свеце калекцый яго работ), А. дэль Сарта («Звеставанне», «Узнясенне Дзевы Марыі» і інш.), Д.Веласкеса («Конны партрэт Філіпа II» і інш.), А. ван Дэйка («Партрэт кардынала Г.Бентывольё» і інш.), П.П.Рубенса («Чатыры філосафы» і інш.) і інш.

Літ.:

Галерея Питти. Флоренция: [Альбом]. М., 1971.

Я.Ф.Шунейка.

т. 11, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)